Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі аб'ядноўвае сотні тысяч энергічных, таленавітых, ініцыятыўных, спагадных і крэатыўных маладых людзей па ўсёй рэспубліцы. Сёння ён прырос яшчэ некалькімі дзесяткамі актывістаў і аднадумцаў з ліку работнікаў галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама, упраўлення прымусовага выканання, тэрытарыяльных аддзелаў прымусовага выканання горада Віцебска і Віцебскага філіяла рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства па аказанні паслуг "БелЮрАбэз".
Устаноўчы сход па стварэнню першаснай арганізацыі галоўнага ўпраўлення юстыцыі і выбранню сакратара адбыўся на базе ўпраўлення прымусовага выканання. Прайшло яно пад кіраўніцтвам першага сакратара Кастрычніцкага РК ГА "БРСМ" г. Віцебска Аляксандра Бышнёва.
У сваім выступленні Аляксандр Аляксандравіч адзначыў, што ў структуру Кастрычніцкай раённай арганізацыі ўваходзяць больш за сотню пярвічак устаноў адукацыі, прадпрыемстваў і арганізацый, структурных падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў, вайсковых часцей. Раённая арганізацыя - гэта вялікая сям'я сяброў, якія не сядзяць склаўшы рукі, а самі гатовыя прыкласці свае сілы і здольнасці для таго, каб зрабіць цікавей, ярчэй сваё жыццё і жыццё сваіх аднагодкаў. Многія актывісты ГА "БРСМ" паказваюць высокія вынікі ў розных сферах дзейнасці. Іх дасягненні і высакародныя ўчынкі, праяўленая мужнасць і самаахвярнасць у надзвычайных сітуацыях з'яўляюцца прыкладам для пераймання. Аляксандр Аляксандравіч выказаў упэўненасць, што члены новаспечанай пяршоўкі галоўнага ўпраўлення юстыцыі таксама актыўна будуць сябе праяўляць у грамадскай дзейнасці і шматлікіх акцыях і праектах.
Узначальваць створаную пярвічку даверылі вядучаму спецыялісту сектара арганізацыйна-кадравай работы Ксеніі Глоўка. Яшчэ падчас вучобы ў філіяле БДТУ Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж», а таксама навучаючыся завочна ў ВДУ ім. П. М. Машэрава яна рэгулярна дэманстравала навакольным свае арганізатарскія здольнасці, творчыя таленты. Самы час праявіць сябе і на месцы працы. «У нас ужо ёсць некаторыя задумкі па правядзенні мерапрыемстваў, - падзялілася бліжэйшымі планамі Ксенія Міхайлаўна. — Напрыклад, мы збіраемся падключыцца да дабрачынных акцый, удзельнічаць у творчых мерапрыемствах і многім іншым».
Колькасць новаспечаных актывістаў пяршоўкі галоўнага ўпраўлення юстыцыі склала 60 чалавек. Аднак у перспектыве рады маладзёжнага саюза папоўніцца, заявы плануюць напісаць яшчэ некалькі работнікаў абласнога ведамства.