Сёння на камунальным вытворчым унітарным прадпрыемстве "Талачынскі масласырзавод" прайшло выязное мерапрыемства групы па прававой асвеце грамадзян Віцебскага аблвыканкама. Сустрэча з калектывам прайшла пад кіраўніцтвам начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама Сяргея Канапелькі.
Афіцыйная частка пачалася з дакладаў.
Кіраўнік абласной юстыцыі расказаў калектыву аб рабоце групы па прававой асвеце, яе мэтах і задачах, асобна спыніўшыся на магчымасці атрымання кожным работнікам высокакваліфікаванай юрыдычнай кансультацыі па любому пытанню.
Далей з тэмай "Атэстацыя працоўных месцаў, прадастаўленне кампенсацый работнікам за працу са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы" выступіла начальнік аддзела дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Вольга Драбянцова.
Галоўны прававы інспектар працы Віцебскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Святлана Супрунчук падрабязна спынілася на пытаннях працоўных і сацыяльных водпускаў, рэжыме працы і адпачынку, а таксама праходжання дыспансерызацыі.
Пра тое, як легалізаваць самавольна занятыя зямельныя ўчасткі, расказала намеснік начальніка аддзела землеўпарадкавання Талачынскага райвыканкама Вольга Дарожкіна.
Пасля выступлення ўсіх дакладчыкаў работнікі скарысталіся магчымасцю задаць спецыялістам пытанні, якія іх цікавяць, і атрымаць індывідуальныя юрыдычныя кансультацыі.
У другой частцы рабочага візіту адбылася экскурсія па вытворчых цэхах, якую правяла галоўны тэхнолаг прадпрыемства Анастасія Гурская. Яна пазнаёміла спецыялістаў з гісторыяй завода, якая пачалася ў 1957 годзе. Калі першапачаткова завод выпускаў усяго два віды сыру — «Пашахонскі» і «Кастрамскі», то сёння ў яго асартыменце каля 33 найменняў. Асаблівую ўвагу тэхнолаг удзяліла флагманскім сартам, якія складаюць аснову экспарту прадпрыемства, а таксама расказала аб тэхналогіі вытворчасці салодка-смятанкавага несалёнага алею. Падчас экскурсій члены групы ўбачылі ключавыя працэсы вырабу сыру.