23 снежня Віцебск далучыўся да маштабнага марафону дабра - у нашай краіне стартавала рэспубліканская дабрачынная акцыя для пажылых людзей "Ад усёй душы", якая працягнецца да 14 студзеня 2026 года.

Урачыстае адкрыццё гэтага светлага свята клопату і ўвагі адбылося на базе Віцебскай абласной філармоніі, сабраўшы ганаровых гасцей, сярод якіх былі першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама Марына Быкава і ветэраны органаў юстыцыі.

Праграма мерапрыемства аб'яднала ў сабе атмасферу святочнага канцэрта і цырымонію ўшаноўвання тых, хто прысвяціў доўгія гады прафесійнаму служэнню.

Ва ўрачыстай абстаноўцы Марына Фёдараўна ўручыла Ганаровыя граматы галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама Людміле Аляксандраўне Карнеевай, Ірыне Мікалаеўне Максімавай і Галіне Дзмітрыеўне Шарко. Выказваючы глыбокую ўдзячнасць за шматгадовую добрасумленную працу, яна адзначыла, што неацэнны вопыт ветэранаў застаецца важным арыенцірам для цяперашняга пакалення супрацоўнікаў, і пажадала ім невычэрпнай энергіі, моцнага здароўя і святочнага настрою сярод блізкіх і сяброў.