Віцебская абласная група па прававой асвеце грамадзян працягвае сваю дзейнасць, накіраваную на павышэнне прававой граматнасці насельніцтва.
Сёння абласная група правяла сустрэчу з калектывам ДВУП "ОршаСырЗавод" на чале з начальнікам галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама Сяргеем Канапелькам.

У складзе групы прадпрыемства наведалі спецыялісты з розных дзяржаўных органаў: галоўнага ўпраўлення юстыцыі, землеўпарадкавальнай службы, камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама, Віцебскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў, Аршанскага райвыканкама, а таксама прадстаўнікі натарыята, адвакатуры і Рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі Віцебскай вобласці.
Галоўны прававы інспектар Віцебскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Святлана Супрунчук расказала прысутным аб парадку планавання і прадастаўлення працоўных водпускаў.


Начальнік аддзела прававой, кадравай работы і справаводства ўпраўлення землеўпарадкавання Віцебскага аблвыканкама Наталля Махонь паразмаўляла з калектывам на тэму легалізацыі самавольна занятых зямельных участкаў.

Інфармацыяй аб пенсіённым забеспячэнні ў Рэспубліцы Беларусь і добраахвотным страхаванні дадатковай назапашвальнай пенсіі з фінансавай падтрымкай дзяржавы падзялілася начальнік упраўлення пенсіённага забеспячэння камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Алена Садоўнікава.

Важна: для работнікаў прадпрыемства былі арганізаваны індывідуальныя юрыдычныя кансультацыі, дзе кожны ахвочы мог атрымаць адказы на свае пытанні.
Пасля прадуктыўнай рабочай сустрэчы члены групы ў ходзе экскурсіі па прадпрыемству азнаёміліся з вытворчымі працэсамі і шырокім асартыментам малочнай прадукцыі.
