25 лістапада адбылося ўрачыстае адкрыццё абноўленай службы "адно акно" Верхнядзвінскага раённага выканаўчага камітэта пасля капітальнага рамонту. У мерапрыемстве прынялі ўдзел начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама Сяргей Канапелька, старшыня Верхнядзвінскага райвыканкама Васіль Шылаў, член Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Полацкай сельскай акрузе Аляксандр Стома, а таксама спецыялісты службы і супрацоўнікі райвыканкама.
Адным з урачыстых момантаў стала пераразанне сімвалічнай чырвонай стужкі. Пасля гэтага ўсе прысутныя змаглі ацаніць абноўленую службу. Дзякуючы рамонту, памяшканне стала больш прасторным, сучасным і зручным, а таксама даступным для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Для наведвальнікаў створаны камфортныя ўмовы: устаноўлена новая мэбля, сістэма электроннай чаргі, кулер з пітной вадой, забяспечаны канфідэнцыйны прыём, арганізаваны дзіцячы куток і ўдасканалены функцыянальныя зоны. Для падачы заявы аб ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры ў электроннай форме абсталявана працоўнае месца з кампутарам і друкаркай. Таксама ёсць магчымасць зарадзіць мабільны тэлефон.
Усе ўдзельнікі мерапрыемства прыйшлі да адзінай думкі, што абноўленая служба стала яшчэ лепшай.
