Сёння начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама Сяргей Канапелька прадставіў калектыву абласнога Дзяржархіва новага кіраўніка. З 3 верасня да сваіх службовых абавязкаў пачне Аляксандр Мікалаевіч Кароль. Раней ён працаваў у Віцебскім абласным упраўленні Дэпартамента аховы МУС.
Таксама найвышэйшая ацэнка дадзена рабоце Таццяны Свістуновай, якая прысвяціла архіўнай дзейнасці 41 год, а з іх 18 гадоў кіравала абласной архіўнай установай.
«Адказная, працавітая, уважлівая, Таццяна Міхайлаўна праявіла сябе граматным спецыялістам, сапраўдным прафесіяналам сваёй справы. Шмат увагі ўдзяляла ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы. Пад яе кіраўніцтвам абласны Дзяржархіў заўсёды спраўляўся з даведзенымі гадавымі планамі і не раз выходзіў на лідзіруючыя пазіцыі ў рэспубліцы, што пацвярджаюць шматлікія ўзнагароды», - адзначыў Сяргей Пятровіч.
Не абышлося без заахвочванняў і на гэты раз. За доўгія гады плённай і добрасумленнай работы, асабісты ўклад у зберажэнне архіўнай спадчыны Віцебшчыны, папулярызацыю архіўных дакументаў, развіццё архіўнай справы Таццяна Міхайлаўна ўзнагароджана Ганаровымі граматамі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі і галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебшчыны. Кветкі, апладысменты і самыя цёплыя пажаданні ад калег.
Кіраўнік абласной юстыцыі падзякаваў Таццяне Міхайлаўне за работу, а новаму кіраўніку, Аляксандру Каралю, пажадаў поспехаў на прафесійнай ніве, захаваць і прымножыць традыцыі архіўнай службы.