Члены абласной прававой групы правялі прававую асвету і асабісты прыём грамадзян для работнікаў вытворчага філіяла "Браслаўрыба" ААТ "Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат".
Вітаючы калектыў, начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама Сяргей Канапелька зазначыў, што такія сустрэчы праводзяцца штомесяц. Яны планавыя і разнатэматычныя.
На гэты раз з тэмай "Дзяржаўная сістэма прававой інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь як гарант доступу шырокіх слаёў насельніцтва да прававой інфармацыі" выступіла дырэктар Рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі Віцебскай вобласці Ларыса Дарогава. Яна праінфармавала прысутных аб дзейнай у нашай краіне сістэме прававой інфармацыі і яе рэсурсах. Гэта Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал, Дзіцячы прававы сайт і іншыя.
Аб навінах у зямельным заканадаўстве расказала начальнік аддзела прававой, кадравай работы і справаводства ўпраўлення землеўпарадкавання аблвыканкама Наталля Махонь.
Таксама ў рамках сустрэчы Сяргей Канапелька, як прадстаўнік інфармацыйна-прапагандысцкай групы аблвыканкама, прадставіў калектыву тэму Адзінага дня інфармавання «Інфармацыйная гігіена: як не стаць ахвярай дэзінфармацыі». Для навочнасці ён прадэманстраваў тэматычную прэзентацыю.
Сяргей Пятровіч падкрэсліў, што сёння на кожнага з нас штосекундна "абвальваецца" інфармацыйны паток, і галоўная задача кожнага з нас - адрозніць недакладную інфармацыю ад праўдзівай. Ён, у прыватнасці, адзначыў: «Тэма размовы - злабадзённая, хвалюе і тычыцца фактычна кожнай. А ўсё таму, што мы неўзаметку для сябе перайшлі з індустрыяльнага грамадства ў інфармацыйнае. Так, калі ў 2014 годзе ў Беларусі Інтэрнэтам карысталася 5,7 млн чалавек, то ў 2024 годзе - ужо 8,5 млн (89,5% насельніцтва), а мабільнай сувяззю ахоплена 97% насельніцтва. І калі ў сярэдзіне 1980-х гг. чалавек атрымліваў за суткі інфармацыю ў аб'ёме, эквівалентным 40-50 выпускам газет, то ў цяперашні час гэтая лічба вырасла да 200 выпускаў. Небяспека яшчэ і ў тым, што для многіх людзей свет звузіўся да экрана смартфона, а карціна свету - да стужкі навін у сацсетках. Нажаль, менавіта ў сацсетках распаўсюджваюцца «качкі», фейкі, хлусня і паклёп на 70% хутчэй ісціны. Важна памятаць, што крыніца ілжывай інфармацыі - гэта заўсёды людзі. Менавіта яны ствараюць і выкарыстоўваюць адпаведныя тэхналогіі. Памятайце, што мэта правакатараў: пасеяць сярод беларусаў звады, настроіць людзей супраць дзяржавы і праводзімай ім палітыкі. Таму яны актыўна шукаюць любыя негатыўныя інфаповады, спрабуюць "апрацаваць" у сваіх карыслівых інтарэсах беларускую аўдыторыю - гэта значыць нас з вамі. Аднак сёння ў кожнага жыхара нашай краіны ёсць магчымасць імгненна атрымліваць тую ці іншую інфармацыю ў зручнай для яго форме: на 1 ліпеня 2024 года ў краіне дзейнічаюць 7 інфармацыйных агенцтваў, выдаецца 915 друкаваных СМІ, транслююцца дзясяткі тэлеканалаў, ажыццяўляюць вяшчанне 86 радыёпраграм».
Таксама Сяргей Канапелька заклікаў прысутных захоўваць імёны карыстальнікаў і паролі ў бяспецы; перыядычна мяняць паролі; не выдаваць асабістую інфармацыю пра сябе і дзяцей у Інтэрнэце, якая магла б дапамагчы інтэрнэт-драпежнікам знайсці вашых дзяцей; стварыць сумесна з дзецьмі спіс правілаў выкарыстання Інтэрнета і паказаць дзіцяці сайты для дзяцей і падлеткаў. Акрамя гэтага, Сяргей Пятровіч распавёў, як адрозніць фэйк ад аб'ектыўнай інфармацыі, дзе апублікаваны спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, як распазнаць, сапраўдны перад вамі чалавек ці робат.
Як сказаў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка (20 верасня 2022 г. на сустрэчы з Дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь А.Р.Вольфавічам): «Трэба паказваць рэальную рэчаіснасць. У рэшце рэшт гэта перамагае. Фэйк - гэта на дзень, на два. А потым усё гэта развеецца. Таму не трэба фэйкаў. Не трэба даваць ілжывую няправільную інфармацыю. Трэба рабіць усё годна, прыгожа, каб потым не апраўдвацца».
Да сказанага Сяргей Канапелька дадаў: «Інфармацыйная гігіена мае на ўвазе ўменне чалавека правільна збіраць і апрацоўваць інфармацыю, адрозніваць праўду ад фэйкаў і хлусні, а таксама абараняць сваю асабістую інфармацыю. Заклікаем вас чытаць правераныя крыніцы, афіцыйныя навінныя зводкі, надавайце ўвагу дэталям і аналізуйце іх дакладнасць, будзьце ўважлівыя да сваіх асабістых дадзеных».
Пасля абмеркавання заяўленых тэм усе жадаючыя змаглі атрымаць індывідуальныя юрыдычныя кансультацыі. У асноўным яны датычыліся зямельнага заканадаўства.
Па традыцыі для членаў прававой групы была арганізавана невялікая экскурсія па прадпрыемстве. Дырэктар Георгій Тэтэра распавёў, што «Браслаўрыба» - адно з найбуйнейшых рыбаперапрацоўчых прадпрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь. Асартымент выпускаемай прадукцыі прадстаўлены дзясяткамі найменнямі рыбных кансерваў. За год тут перапрацоўвае каля 2 тысяч тон рыбы, а на вытворчасці працуюць больш за сто чалавек.