Занальны дзяржаўны архіў у Оршы прадставіў віртуальную выставу "Мастацтвам свой шлях абазначыў". Прысвечана яна 88-годдзю мастака-аматара, паэта, акцёра народнага тэатра Уладзіміра Жытнава.
Уладзімір Міхайлавіч - гэта неад'емная частка культуры Аршаншчыны. Пісьменнік, без вершаў якога не абыходзілася ніводнае гарадское мерапрыемства. Мастак, які праславіў сваімі працамі родны край. Жытновым напісана больш за 3000 работ, праведзена каля 100 персанальных выставак. А ў якасці сувеніраў на любых мерапрыемствах ён дарыў свае акварэльныя працы.
Расказваючы пра героя выставы, дырэктар дзяржархіва Алеся Бярговіна адзначыла: «Уладзімір Міхайлавіч граў у тэатры, спяваў у хоры. Ён усё сваё жыццё аддаў выхаванню падрастаючага пакалення. Актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці горада, супрацоўнічаў з гарадской радай ветэранаў, праводзіў майстар-класы ў школах, выдаваў кнігі, прасоўваў спорт і здаровы лад жыцця, займаўся маржаваннем і яшчэ шматлікае, шматлікае іншае. Цяжка казаць пра яго ў мінулым часе... Бо перад вачыма заўсёды яго вобраз - вясёлага, адкрытага, прыгожага, моцнага і мудрага чалавека. Такім ён назаўжды застанецца ў нашай памяці».