Сёння ў Віцебску праходзіць урачыстае ўшаноўванне найлепшых работнікаў вобласці па выніках работы за мінулы год. Ганаровае званне "Чалавек года Віцебшчыны" прысвойваецца ў розных намінацыях. Сярод лаўрэатаў прадстаўнік органаў юстыцыі.
Узнагароду - нагрудны знак "Чалавек года Віцебшчыны" з рук кіраўніка вобласці атрымаў начальнік аддзела прымусовага выканання ўпраўлення прымусовага выканання галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама Сяргей Ткачэнка. Ён лаўрэат прэміі ў намінацыі "Прамысловасць, гандаль і паслугі, фінансавая дзейнасць, малы і сярэдні бізнес".
Сяргей Уладзіміравіч служыць у сістэме прымусовага выканання больш за 15 гадоў. Сваімі нястомнай працавітасцю, юрыдычнай кампетэнтнасцю, актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якасным выкананнем пастаўленых задач ён заслужыў прызнанне і аўтарытэт сярод калег і кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення юстыцыі.
Уручаючы ўзнагароды, Аляксандр Міхайлавіч адзначыў, што ва ўсіх галінах працуюць людзі, чый працоўны шлях служыць прыкладам для іншых і такіх людзей неабходна заахвочваць: "Трэба раўняцца на гэтых людзей, таму што за імі будучыня Віцебскай вобласці, будучыня нашай краіны".