Сёння Віцебская вобласць адсвяткавала 105-годдзе з дня ўтварэння органаў загса ў Рэспубліцы Беларусь. Урачыстае мерапрыемства з гэтай нагоды адбылося ў абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна з удзелам спецыялістаў тэрытарыяльных органаў загса, ветэранаў і шматлікіх гасцей.
Мерапрыемства пачалося з наведвання выставы традыцыйных вясельных касцюмаў і атрыбутаў “Вянок нявесты”, якую падрыхтавалі работнікі абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. У час яе адкрыцця начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама Сяргей Канапелька прывітаў прысутных і павіншаваў са святочнай датай, адзначыўшы, што прадстаўленыя сёння вясельныя строі ўвасабляюць эпоху станаўлення гэтай службы.
У прадстаўленай калекцыі сабрана мноства цікавых і ўнікальных рэчаў. Адзенне дапаўняюць не менш знакавыя ўзоры аксесуараў, напрыклад, вянок, фата і іншыя. Як мянялася мода, можна ўбачыць на фатаграфіях. Напрыклад, з гадамі фата нявесты становіцца карацейшай, сукенкі раскошней. Зрэшты, вядома, што модныя традыцыі маюць уласцівасць вяртацца.
Далей сустрэча працягнулася ўрачыстым сходам, на якім начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі таксама выступіў з прамовай. Ён звярнуў увагу на тое, што органы загса прайшлі дастаткова доўгі шлях развіцця. Пачатак адліку іх гісторыі прыпадае на 18 снежня 1917 года, калі быў выдадзены Дэкрэт "Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і аб вядзенні кніг актаў стану". З таго часу ўсе запісы сталі весціся на дзяржаўным узроўні. Сёння гэтыя дакументы адыгрываюць важную ролю ў жыцці кожнага чалавека. Звяртаючыся да работнікаў органаў загса, ветэранаў, Сяргей Пятровіч сказаў: «Цяжка пераацаніць значэнне працы супрацоўнікаў органаў загса ў сучасным свеце, як у маштабах дзяржавы, так і для асобнага чалавека. Людзям, якія працуюць у органах загса, уласцівыя адмысловыя прафесійныя і чалавечыя якасці, якія дапамагаюць годна выконваць службовы абавязак. Гэта і любоў да прафесіі, душэўная цеплыня, абаянне. Прыміце шчырую ўдзячнасць за вашу няпростую, але патрэбную працу!». З нагоды 105-годдзя Сяргей Канапелька ўручыў Ганаровыя граматы і Падзякі галоўнага ўпраўлення юстыцыі, а таксама ўзнагародзіў пераможцаў і прызёраў у розных намінацыях рэгіянальнага этапа Рэспубліканскага агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства работнікаў органаў, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану.
З прывітальнымі адрасамі ад імя сваіх калектываў работнікаў органаў загса, галоўнага ўпраўлення юстыцыі павіншавалі намеснік начальніка ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС Віцебскага аблвыканкама Руслан Баранаў, дырэктар абласнога архіва Таццяна Свістунова, намеснік старшыні абласной натарыяльнай палаты Наталля Прыстаўка, намеснік дырэктар Рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі Віцебскай вобласці Ларыса Дарогава.
Госці адзначылі, што загсы адыгрываюць асаблівую ролю ў папулярызацыі сямейных адносін, а значыць і паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі ў рэгіёне. Акрамя таго, органы загса займаюцца сур'ёзнай архіўнай працай.
Святочныя віншаванні суправаджаліся музычнымі нумарамі ў выкананні навучэнцаў УА "Віцебскі дзяржаўны музычны каледж імя І.І. Салярцінскага".