Сёння група па прававой асвеце Віцебскага аблвыканкама на чале з начальнікам галоўнага ўпраўлення юстыцыі Сяргеем Канапелькам пабывала ў Наваполацку на ААТ "Нафтазаводмантаж".
Сустракаючы гасцей, генеральны дырэктар прадпрыемства Мікалай Ярэміч расказаў, што "Нафтазаводмантаж" з'яўляецца асноўнай будаўніча-мантажнай арганізацыяй паўночна-заходняга рэгіёну Беларусі, якая спецыялізуецца на будаўніцтве аб'ектаў хімічнага, нафтахімічнага і нафтаперапрацоўчага комплексаў.
Правёўшы невялікую азнаямленчую экскурсію па вытворчых цэхах і паказаўшы працэсы пескаструменнай ачысткі металу і афарбоўкі металічных вырабаў, сустрэча прадоўжылася ў канферэнц-зале.
Прадставіўшы членаў групы, Сяргей Пятровіч расказаў калектыву аб мэтах візіту. Ён звярнуў увагу, што такія сустрэчы праводзяцца штомесяц у рамках плана мерапрыемстваў па прававой асвеце і садзейнічаюць павышэнню даступнасці прававой дапамогі для насельніцтва.
Аб навэлах у працоўным заканадаўстве, у прыватнасці аб змяненнях у сістэме аплаты працы, умовах прадастаўлення водпускаў, працэсах налічэння "адпускных", а таксама аб праходжанні дыспансерызацыі расказала галоўны прававы інспектар Віцебскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Святлана Супрунчук.
Разабрацца ў нюансах абноўленага зямельнага заканадаўства калектыву дапамагла начальнік аддзела прававой, кадравай работы і справаводства ўпраўлення землеўпарадкавання аблвыканкама Наталля Махонь.
Традыцыйна напрыканцы сустрэчы ўсе ахвочыя работнікі прадпрыемства змаглі атрымаць кваліфікаваную кансультацыю ад прысутных спецыялістаў.