Сёння свой 70-гадовы юбілей адзначае Сяргей Васільевіч Рублеўскі.
Па адукацыі Сяргей Васільевіч настаўнік фізікі і матэматыкі, аднак, па спецыяльнасці ён прапрацаваў усяго год і звязаў сваё жыццё з журналістыкай, прайшоўшы шлях ад карэспандэнта да галоўнага рэдактара газеты "Народнае слова". З лістапада 2008 года па май 2013 года Сяргей Васільевіч працаваў на пасадзе намесніка начальніка - начальніка аддзела па архівах і справаводству галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама. За час сваёй працоўнай дзейнасці Сяргей Васільевіч адрозніваўся высокай адказнасцю, патрабавальнасцю да сябе і сваёй працы.
Выкарыстоўваючы свой багаты прафесійны і жыццёвы вопыт, Сяргей Васільевіч Рублеўскі ўнёс значны асабісты ўклад у развіццё архіўнай галіны і геральдыкі Віцебскай вобласці.
Многае ім было зроблена для развіцця і ўдасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы архіваў вобласці; праводзілася работа па ўкараненні ў тэрытарыяльных архівах аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы "Узаемадзеянне" ў рамках пераходу на электронны абмен дакументамі ў працэсе ліквідацыі арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў.
Вялікая работа была праведзена Сяргеем Васільевічам па заснаванні геральдычных сімвалаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Віцебскай вобласці. Акрамя гэтага, Сяргей Рублеўскі быў распрацоўшчыкам праектаў Указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якімі заснаваны шэраг гербаў і сцягоў, гарадоў раёнаў, пасёлкаў Віцебшчыны, таксама ён браў удзел у распрацоўцы ў 2009 годзе герба Віцебскай вобласці. Непасрэдна па ініцыятыве Сяргея Васільевіча быў выдадзены гербоўнік “Геральдычны вянок Віцебшчыны”. Рублеўскі С.В. падрыхтаваў да выдання план горада Віцебска 1904 года, напісаў гістарычны нарыс аб абласным цэнтры. Таксама юбіляр з'яўляецца аўтарам кніг “Паспець надыхацца”, “Абмытыя валуны”, “Мамін шэпт пад абразамі”, “Маўчанне на ўвесь Божы свет” і многіх іншых, якія знайшлі водгук у сэрцах і душах чытачоў.
Калектыў галоўнага ўпраўлення юстыцыі віншуе Сяргея Васільевіча з юбілеем. Жадаем моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, напоўненых радасцю і цяплом блізкіх. Няхай наперадзе будзе яшчэ шмат шчаслівых дзён, а кожны новы дзень прыносіць толькі станоўчыя эмоцыі!