Абноўленая, сучасная зала ўрачыстых рэгістрацый шлюбаў, нараджэнняў і ўшаноўвання сямейных юбіляраў зноў вітае гасцей у загсе Гарадоцкага райвыканкама. Яго дзверы адчыніліся сёння, 14 снежня, пасля рамонту. Урачыстасць прайшла масава і насычана, з удзелам начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама Сяргея Канапелькі і яго намесніка Таццяны Харушэўскай.
У холе гасцей чакала выстава вясельных убораў розных гадоў, дзе на кантрасце пышных сучасных сукенак вылучалася сціплая вясельная сукенка, пашытая з парашута ў далёкім пасляваенным 1948 году.
Пасля прывітальных слоў ганаровых гасцей, Сяргей Пятровіч разам з кіраўніком раёна Ірынай Паляковай і старшынёй абласнога Савета дэпутатаў Уладзімірам Цярэнцьевым перарэзаў чырвоную стужку, падзякаваў кіраўніцтву раёна за супрацоўніцтва і павіншаваў работнікаў аддзела загса і жыхароў Гарадоцкага раёна з такой выдатнай падзеяй.
Па словах Сяргей Канапелька, адкрыццё абноўленага загса - гэта паказчык рэальнай падтрымкі інстытута сям'і дзяржавай. Бо загс - гэта асоба раёна, менавіта тут рэгіструюцца самыя важныя моманты жыцця: шлюб, нараджэнне дзяцей. А для супрацоўнікаў гэта падзея — гэта своеасаблівы стымул удасканалення абрадавай работы і імкнення да таго, каб цырымоніі шлюбу і рэгістрацыі нараджэння запомніліся кожнай сям'і.
Дарэчы, адкрыццё залы прайшло напярэдадні прафесійнага свята работнікаў органаў загса. Карыстаючыся ўрачыстым момантам, Сяргей Пятровіч уручыў заслужаную ўзнагароду - нагрудны знак Міністэрства юстыцыі "За адзнаку" I ступені начальніку аддзела загса Наталлі Качанавай. Ён падзякаваў Наталлі Уладзіміраўне за шматгадовую прафесійную дзейнасць і пажадаў далейшых поспехаў у рабоце.
У рамках урачыстасці адбыліся рэгістрацыі залатога вяселля жыхароў Гарадоцкага раёна Міхаіла Іванавіча і Тамары Пятроўны Ігнацьевых і ружовай — Максіма Адамовіча і Ліліі Міхайлаўны Ліпскіх.
Госці свята пажадалі юбілярам здароўя, каб кожны дзень прыносіў радасць і шчасце.