У сярэдняй школе №17 г. Віцебска імя І.Р. Паперына адбылося ўрачыстае мерапрыемства з нагоды прысвячэння навучэнцаў у 10 клас прававой накіраванасці. Ганаровымі гасцямі сталі начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама Сяргей Канапелька і загадчык сектара аргкадравай работы Алена Аляксеёнак.
Профільны прававы клас ва ўстанове адукацыі быў створаны не так даўно. У гэтым навучальным годзе сцены школы пакіне першы выпуск. Асноўнай задачай педагогаў установы адукацыі сумесна з праваахоўнікамі, прадстаўнікамі юстыцыі Віцебшчыны з'яўляецца падрыхтоўка дастойнай маладой змены правазнаўцаў, каб з пасеяных зерняў выраслі парасткі сапраўднай грамадзянскасці і патрыятызму.
Звяртаючыся да навучэнцаў профільных класаў, Сяргей Канапелька павіншаваў іх са знамянальнай падзеяй і адзначыў, што кожны з прысутных павінен сур'ёзна і адказна паставіцца да выбару сваёй будучай прафесіі.
«Прафесія юрыста вельмі цікавая і шматгранная. Магчыма нехта з вас стане следчым, судовым выканаўцам, натарыусам, адвакатам, пракурорам… Аднак, каб стаць годным спецыялістам у сваёй вобласці, неабходна шмат чаму вучыцца, чытаць кнігі, спасцігаць шматлікія навукі. Упэўнены, што навучанне ў профільным класе дазволіць сфарміраваць неабходныя ўмовы для інтэлектуальнага і маральнага развіцця, пачуцця адданасці Радзіме, гонару і справядлівасці», - падкрэсліў Сяргей Пятровіч.
У сваю чаргу дзесяцікласнікі далі клятву дастойна і з гонарам несці званне вучня прававога класа, добра вучыцца і імкнуцца быць дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны.
З рук начальніка аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Чыгуначнага раёна г. Віцебска Андрэя Абушкевіча дзяўчынкі і хлапчукі атрымалі сімвалічныя шаўроны.
Ад імя органаў прымусовага выканання Віцебскай вобласці хлопчыкаў і дзяўчынак павіншавала судовы выканаўца ВПІ Першамайскага раёна г. Віцебска Лізавета Старасценка, выканаўшы цудоўную музычную кампазіцыю “Вяртаюся”.
На памяць аб сустрэчы ўдзельнікі святочнага мерапрыемства зрабілі сумеснае фота.