РУВГП "Аршанскі льнокамбінат" наведала група па прававой асвеце Віцебскага аблвыканкама на чале з начальнікам галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама Сяргеем Канапелькам.
У складзе групы прадпрыемства таксама наведалі спецыялісты галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама, галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама, органаў прымусовага выканання, абласной пракуратуры, а таксама прадстаўнікі натарыята, адвакатуры, рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі і Аршанскага райвыканкама.
Ужо па традыцыі для гасцей правялі азнаямленчую экскурсію па прадпрыемстве. У якасці гіда выступіў намеснік гендырэктара па ідэалагічнай рабоце і сацыяльных пытаннях ільнокамбіната Сяргей Сідзін. Ён расказаў аб асноўных вехах развіцця прадпрыемства, аб тым, што сёння Аршанскі льнокамбінат - гэта найбуйнейшы вытворца льняных праж, тканін і вырабаў з лёну ў краінах СНД і Еўропе. Доля экспартнай прадукцыі ў агульным аб'ёме вытворчасці складае больш як 80 працэнтаў. Пакупнікі льнокамбіната знаходзяцца на ўсіх кантынентах, у больш як 40 краінах свету.
Асноўнымі відамі дзейнасці прадпрыемства з'яўляюцца падрыхтоўка і прадзенне льнянога валакна, вытворчасць ільняных тканін і ільняных вырабаў, аздабленне тканін і тэкстыльных вырабаў, аптовы і рознічны гандаль тэкстыльнымі таварамі, экспартна-імпартныя, камерцыйныя і пасрэдніцкія аперацыі, фірменны гандаль, аказанне платных паслуг.
У складзе РУВГП знаходзіцца 5 фабрык. Агульная колькасць работнікаў складае больш за 3500 чалавек.
Пасля наведвання цэхаў адбылася сустрэча з калектывам прадпрыемства.
У пачатку Сяргей Канапелька адзначыў, што мэта работы рабочай групы ў тым, каб у больш даступнай форме данесці да насельніцтва заканадаўства Рэспублікі Беларусь па розных напрамках і даць магчымасць атрымаць на месцах кансультацыі па пытаннях. Ён расказаў, што рабочая група па прававой асвеце грамадзян у працоўных калектывах у Віцебскай вобласці створана ў адпаведнасці з распараджэннем Віцебскага аблвыканкама ад 29 красавіка 2021 г. № 96р «Аб Віцебскай абласной групе па каардынацыі і выкананні плана мерапрыемстваў па прававой асвеце грамадзян»202.
Гэтыя мерапрыемствы традыцыйна праводзяцца на базах горадаўтваральных прадпрыемстваў Віцебскай вобласці вобласці.
На гэты раз перад калектывам ільнокамбіната на актуальныя тэмы выступілі: дырэктар РЦПІ Віцебскай вобласці Ларыса Дарогава (аб правах грамадзян на атрыманне афіцыйнай прававой інфармацыі); начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў пракуратуры Віцебскай вобласці Дзмітрый Кудраўцаў (аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны); галоўны прававы інспектар Віцебскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Святлана Супрунчук (аб прававым рэгуляванні кантрактнай формы найму).
У завяршэнні мерапрыемства спецыялістамі абласной групы па прававой асвеце грамадзян усім жадаючым была аказана юрыдычная дапамога па розных пытаннях.