Сёння ў галоўным упраўленні юстыцыі Віцебскага аблвыканкама адбылося ўшаноўванне ветэрана Уладзіміра Рыгоравіча Дзядкоўскага. Павіншаваць юбіляра з 70-годдзем сабраліся шматлікія госці: кіраўніцтва і работнікі галоўнага ўпраўлення юстыцыі на чале з начальнікам Сяргеем Канапелькам, члены першаснай ветэранскай арганізацыі галоўнага ўпраўлення юстыцыі пад старшынствам Віктара Пранніка і іншыя.
Па традыцыі Сяргей Пятровіч Канапелька прывітаў прысутных і выказаў шчырыя віншаванні ў адрас Уладзіміра Рыгоравіча, пажадаў здароўя, даўгалецця, бадзёрасці духу і дабрабыту. Таксама ён уручыў імянінніку Ганаровыя граматы Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта і галоўнага ўпраўлення юстыцыі.
Віншавальны адрас ад імя ветэранскай арганізацыі перадаў юбіляру Віктар Віктаравіч Праннік. Ён звярнуў увагу прысутных на тое, што працоўная біяграфія Дзядкоўскага служыць прыкладам і гэта дзякуючы таму, што Уладзімір Рыгоравіч валодаў вялікай працавітасцю і працаздольнасцю. І зараз ён застаецца мудрым настаўнікам, цікавым суразмоўцам, жыццялюбівым і спагадным чалавекам, які ў цяжкую хвіліну заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу.
З цёплымі, сардэчнымі пажаданнямі да юбіляра звярнуліся былыя калегі і паплечнікі.
Уладзімір Рыгоравіч, у сваю чаргу, падзякаваў за ўвагу ўсім прысутным і тым, хто па розных прычынах не змог павіншаваць сёння яго асабіста, узгадаў асноўныя жыццёвыя і працоўныя вехі свайго жыцця, а таксама адзначыў, што напярэдадні дня нараджэння жыццё паднесла яму яшчэ адзін бясцэнны падарунак — унучачку Анечку. І зараз ён шчаслівы дзядуля трох унучак.